Фота: фэйсбук Пятра Кузняцова
Бізнесмен, саўладальнік палаца Горватаў у Нароўлі Пётр Кузняцоў распавёў у Фэйсбуку пра пакупку твора Валерыя Ляшкевіча – гомельскага мастака, які некалі стаў знакамітым, прадаючы свае творы на вуліцах горада. Рэжысёрка Анастасія Мірашнічэнка зняла пра яго дакументальны фільм «Скрыжаванне», які выйшаў у 2014 годзе, а Нацыянальны мастацкі музей зладзіў выставу.
Пётр Кузняцоў распавёў, што Ляшкевіч раптам вярнуўся на вуліцу – яго ўчора ўбачылі каля Кіеўскага спуску, дзе ён прадаваў свае карціны. Раней мастак быў бяздомным, але яму дапамаглі неабыякавыя аматары яго творчасці.
«Беларускага Пікаса», як нефармальна называюць Ляшкевіча, сапраўды, ужо даўно не было відаць. Наколькі я ў курсе, апошнім часам яму дапамагалі валанцёры-прадавалі ягоныя карціны праз Інтэрнэт, за гэтыя грошы яму здымаюць кватэру, гэтым ён і жыве», – расказаў Кузняцоў.
Мастак пайшоў прадаваць свае працы сам таму, што скончыўся пашпарт і ён не мае грошы на ежу і лекі. «У каментарах да навіны чытаў выказванні, што, маўляў, ён нармальна жыве і наогул – пенсіянер. Пра «нармальна жыве» я не ведаю, але ведаю, што ён – грамадзянін РФ, а з улікам таго, што працоўны стаж у класічным сэнсе ў яго наўрад ці маецца, выкажу здагадку, што ніякай пенсіі, акрамя, магчыма, мінімальнай (сацыяльнай) ён не атрымлівае», – тлумачыць Пётр Кузняцоў. – Сітуацыя жыццёвая: назапашаныя бытавыя праблемы вымушаюць беларусаў «здаваць даляры», а творцы – прадаваць свае працы. З ягоных слоў, некаторыя ён «аддае за колькі дадуць». Проста трэба выжыць».
Пётр Кузняцоў купіў адну з яго работ, і гэта была не такая праца, якую «аддаю за столькі, колькі дадуць».
«Гэта карціна, якая, паводле яго, выстаўлялася, якую хацелі атрымаць галерэі, і якая мае нармальны цэннік, які я не буду называць. Як я зразумеў, на гэтым этапе ўсе яго праблемы вырашаны. А карціна, магчыма, з часам упрыгожыць інтэр’ер палаца ў Нароўлі.
Ляшкевіч – фігура легендарная, прызнаная пры жыцці, якая мае сваю гісторыю і творчую спадчыну. Для мяне было важна дапамагчы яму ў няпростай сітуацыі.
А яшчэ для мяне важна, каб яго карціны заставаліся тут», – падсумоўвае бізнесмен.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram