У Паўднёвай Карэі раскрылі схему паставак больш за тысячу аўтамабіляў у Расію і Беларусь

Інчхонская рэгіянальная мытня Паўднёвай Карэі выявіла схему незаконнага экспарту патрыманых аўтамабіляў у Расію і Беларусь у абыход дзеючых абмежаванняў. Матэрыялы ў дачыненні да чатырох чалавек перададзены пракуратуры, паведаміла мытная служба.

Паводле версіі следства, з сакавіка 2024 года па люты 2026 года ўдзельнікі схемы без неабходных дазволаў вывезлі ў Расію і Беларусь 1024 патрыманыя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка больш за 2000 куб. см. Агульны кошт машын ацэньваецца ў 50,7 млрд вон — каля 36 млн долараў.

Каб схаваць канчатковае прызначэнне аўтамабіляў, падазраваныя ўказвалі ў мытных дакументах трэція краіны. Як устанавілі супрацоўнікі мытні, транспартная кампанія рыхтавала два камплекты дакументаў: адзін прызначаўся для паўднёвакарэйскіх уладаў і змяшчаў звесткі аб пастаўках у трэція краіны, другі выкарыстоўваўся для фактычнай перавозкі машын у Расію і Беларусь.

З-за абмежаванняў на банкаўскія разлікі экспартную выручку ўдзельнікі схемы атрымлівалі ў крыптавалюце, у тым ліку ў стэйблкоінах Tether (USDT). Агульны аб’ём выяўленых аперацый з віртуальнымі актывамі склаў 279,6 млрд вон, або каля 204 млн долараў.

Паводле даных мытні, крыптавалюта паступала на кашалькі пасярэднікаў, пасля чаго яе канвертавалі ў воны і пераводзілі паўднёвакарэйскім экспарцёрам аўтамабіляў. Следства лічыць, што такая сістэма выкарыстоўвалася для ўтойвання руху сродкаў і абыходу валютнага кантролю.

Па справе праходзяць замежны грамадзянін ва ўзросце каля 40 гадоў, якога следства лічыць арганізатарам схемы, а таксама трое грамадзян Паўднёвай Карэі. Іх справы перададзены пракуратуры без заключэння падазраваных пад варту. Ім ставяцца ў віну парушэнні Мытнага закона, Закона аб знешнім гандлі і валютнага заканадаўства.

Акрамя таго, Інчхонская рэгіянальная мытня прызначыла ўдзельнікам аперацый штрафы на агульную суму каля 11 млрд вон.

Паўднёвая Карэя абмяжоўвае экспарт у Расію і Беларусь тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах. У пералік кантраляванай прадукцыі ўваходзяць, у прыватнасці, легкавыя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка больш за 2000 куб. см. Для іх пастаўкі патрабуецца дазвол уладаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!