У Оршы пасля абурэння грамадскасці ствараюць новы мурал з Караткевічам

У Оршы на сцяне дома №2 па вуліцы Марата пачалі маляваць новы мурал, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу. Гэта адбылося пасля хвалі абурэння мясцовых жыхароў і грамадскасці, выкліканай знішчэннем папярэдняга арт-аб’екта.

Увесну гэтага года падчас капітальнага рамонту і ўцяплення дома тарцавую сцяну, якая выходзіць на вуліцу імя пісьменніка, заклалі «тэрмашубай». Разам з гэтым знік і вядомы чорна-белы мурал аршанскага мастака Дзмітрыя Талкачова, створаны да 90-годдзя Караткевіча. Знікненне адной з галоўных гарадскіх візітовак, якую любілі мясцовыя жыхары і турысты, выклікала моцны рэзананс у суполках і рэгіянальных медыя, паведамляе «Віцебская Вясна».

Зафарбаваны мурал, створаны Дзмітрыем Талкачовым. Фота: “Віцебская Вясна”.

У выніку на тым самым месцы вырашылі стварыць новы малюнак. Скончыць яго абяцаюць да 26 лістапада — 96-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка.

Спадчыну аднаўляе мастачка Любоў Рабека з творчага аб’яднання «Shakola art». У адрозненне ад першапачатковага графічнага варыянта, новы партрэт Уладзіміра Караткевіча будзе каляровым і на фоне прыроды. Пры гэтым на сцяну вернуць легендарны радок з яго твора: «Быў. Ёсць. Буду».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram