У Офісе Ціханоўскай папярэдзілі пра небяспеку паездак у Беларусь па новы пашпарт

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў заклікаў не арыентавацца на гісторыі беларусаў, якія з’ездзілі ў Беларусь па новы пашпарт і без праблем вярнуліся назад.

Падставай для папярэджання сталі паведамленні ў беларускіх дыяспаральных групах, дзе людзі расказваюць, што спакойна падалі дакументы на новы пашпарт, прайшлі праверку на мяжы і вярнуліся ў краіну пражывання. Паводле слоў Марозава, такі досвед не можа служыць гарантыяй бяспекі для іншых людзей.

«Чужы станоўчы досвед паездкі ў Беларусь сёння не можа быць гарантыяй вашай бяспекі. Тое, што кагосьці хутка прапусцілі праз мяжу, не азначае, што з вамі будзе гэтак жа. І гаворка далёка не толькі пра праверку тэлефона. Ёсць выпадкі допытаў, шматгадзінных праверак, жорсткіх асабістых даглядаў — аж да патрабавання распрануцца, — затрыманняў і крымінальнага пераследу. Больш за тое, вас могуць прапусціць праз мяжу, а затрымаць ужо праз некалькі дзён пасля вяртання дадому.

Таму паездка ў Беларусь па новы пашпарт — гэта фактычна гульня ў рулетку з уласнай свабодай. Можна атрымаць дакумент і вярнуцца, а можна прыехаць па пашпарт і ўжо не атрымаць магчымасці выехаць. Бяспечней шукаць даступныя варыянты легалізацыі ў краіне пражывання, чым рызыкаваць свабодай дзеля пашпарта”, — адзначыў ён.