У МУС расказалі, колькі злачынстваў здзяйсняюць працоўныя мігранты ў Беларусі

Большасць працоўных мігрантаў прыязджае ў Беларусь з Туркменістана, Узбекістана, Расіі, Украіны, Непала і Індыі. За першыя дзевяць месяцаў гэтага года яны здзейснілі 63 злачынствы, заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назарэнка, прадстаўляючы законапраект аб знешняй працоўнай міграцыі ў Палаце прадстаўнікоў.

«На сённяшні дзень, як я ўжо сказаў, мы набліжаемся да лічбы 42 тысячы працоўных мігрантаў. У большасці сваёй да нас прыбываюць са 100 краін, розных дзяржаў, са 100 розных дзяржаў. У большай ступені гэта грамадзяне Туркменістана, Узбекістана, Расіі, Украіны, Непала і Індыі», — заявіў Назарэнка.

Паводле яго слоў, большасць працоўных мігрантаў працуюць у будаўнічай і вытворчай сферах, а таксама ў сельскай гаспадарцы і гандлі.

«Калі казаць пра будаўнічую — гэта муляры, бетоншчыкі. Гандаль — прадаўцы. Кіроўцы як у будаўнічай сферы, так і ў сельскагаспадарчай. Ёсць шэраг працоўных мігрантаў, якія ў нас задзейнічаны ў галіне таксама пасад і служачых, гэта дырэктары альбо праграмісты», — расказаў Назарэнка.

Адказваючы на пытанне аб рызыках, звязаных з працоўнай міграцыяй, Назарэнка заявіў, што ў Беларусі за першыя дзевяць месяцаў года замежнікі здзейснілі 754 злачынствы. З іх 63 злачынствы былі здзейснены працоўнымі мігрантамі.

Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб знешняй працоўнай міграцыі» прыняты дэпутатамі ў першым чытанні.