У Мінску заявілі пра крокі па арганізацыі сустрэчы Лукашэнкі і Трампа

У Мінску разглядаюць магчымасць сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і робяць крокі для яе арганізацыі. Пра гэта ў інтэрв’ю РИА Новости на палях Генасамблеі ААН заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў.

«Мы сапраўды разглядаем сустрэчу прэзідэнтаў у практычнай плоскасці, і для гэтага робяцца адпаведныя крокі», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што раней Трамп запрашаў Лукашэнку ўзяць удзел у Савеце міру ў ЗША, аднак, паводле яго слоў, паездка не адбылася «з-за тэхнічных складанасцей».

«Але, ведаеце, шэраг тэхнічных пытанняў проста не дазволіў нам гэтага зрабіць. І справа не ў амерыканскім баку, а ў тым, што сёння даляцець з Беларусі да Злучаных Штатаў Амерыкі даволі складана, з улікам санкцый, якія Еўрапейскі саюз наклаў персанальна на прэзідэнта і на пралёты нашых самалётаў», — патлумачыў ён.

Рыжанкоў таксама заявіў, што Мінск падтрымлівае кантакты з еўрапейскімі краінамі.

«У цэлым, цікавасць да Беларусі абуджаецца, і гэта датычыцца асобных, ключавых краін ЕС», — сцвярджае ён.

«Мы гэта ўсё не вельмі афішуем, але кантакты ў нас ёсць. Зноў жа, не з працягнутай рукой і не любой цаной. Мы сёння выбудоўваем сваю знешнюю палітыку з апорай на тыя дзяржавы, з якімі ў нас атрымліваецца развіваць выдатныя адносіны. Уся вялікая Еўразія, якую мы маем за спінай праз Расію, Афрыка, Лацінская Амерыка. І супрацоўніцтва ідзе даволі паспяхова», — дадаў дыпламат.