Алесь Пушкин. Фото из Facebook
У Мінскім гарадскім судзе на 19 сакавіка 2024 года было прызначана пасяджэнне па крымінальнай справе чалавека, чые асабістыя даныя супадаюць з данымі мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні 11 ліпеня 2023 года. Такім чынам, пасяджэнне прызначылі праз 8 месяцаў пасля яго смерці.
Інфармацыя выявілася на фатаграфіі раскладу судовых пасяджэнняў, якую апублікаваў пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Мельянец, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы. На пост звярнула ўвагу «Хрысціянская візія».
Здымак быў зроблены 19 сакавіка 2024 года, калі Мельянец прыйшоў у Мінскі гарадскі суд на працэс над журналістам Ігарам Карнеем. У раскладзе крымінальных спраў значыцца Аляксандр Мікалаевіч Пушкін. Імя, імя па бацьку і прозвішча супадаюць з данымі мастака Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні 11 ліпеня 2023 года.
Закрытае судовае пасяджэнне было прызначана на 16:00 у зале №335. У графе, дзе ўказваюцца артыкулы Крымінальнага кодэкса, значылася: «Іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне».
“Дарэчы, пасяджэнне над нябожчыкам правяла тая ж суддзя, якая яго і асудзіла – вынесла прысуд 5 гадоў пазбаўлення волі”, – адзначае Мельянец.
Паводле яго слоў, гэта была апошняя фатаграфія, зробленая на тэлефон у Беларусі. Пасля суда над Ігарам Карнеем тэлефон у яго забралі. Атрымаць здымак прапаведніку ўдалося ўжо пасля пераезду ў Польшчу.
З раскладу немагчыма ўстанавіць, якое менавіта пытанне збіраўся разглядаць суд і ці адбылося пасяджэнне.
Палітвязень Алесь Пушкін памёр у гродзенскай бальніцы 11 ліпеня 2023 года. Яго даставілі туды з турмы №1 у непрытомным стане, з прабадной язвай, перытанітам і паліорганнай недастатковасцю. Мастака пахавалі ў вёсцы Бобр.
У сакавіку 2022 года Алесь Пушкін атрымаў 5 гадоў калоніі строгага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні») і арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Яго адправілі адбываць пакаранне ў калонію «Воўчыя норы» ў Івацэвічах. У лістападзе 2022 года яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму №1 у Гродне.