У Мінску пачалі ўсталёўваць кантэйнеры для збору старога адзення і абутку

У Мінску на гэтым тыдні ўсталявалі першыя кантэйнеры для раздзельнага збору тэкстылю. Да канца 2026 года ў сталіцы плануюць размясціць 50 такіх ёмістасцей, а ў 2027 годзе яны з’явяцца ва ўсіх раёнах горада. Пра гэта 22 кастрычніка паведаміў генеральны дырэктар кампаніі «Рэмондыс Мінск» Эрвін Куртбедзінаў, піша «Мінск-Навіны».

Да канца года кантэйнеры ўсталююць у Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах. У іх можна будзе здаваць адзенне, ручнікі, коўдры, пасцельную бялізну і абутак. Рэчы павінны быць чыстымі і сухімі. Перад здачай тэкстыль неабходна спакаваць у пластыкавыя пакеты, а абутак спакаваць асобна. Гэта дазволіць зберагчы тэкстыль ад забруджвання падчас транспарціроўкі і выкарыстоўваць для паўторнага выкарыстання і перапрацоўкі.

“Ёмістасці будуць усталёўвацца ў месцах, дзе праходзіць шмат грамадзян, але асобна ад пляцовак для збору бытавых адходаў, каб тэкстыль не змешваўся з бытавым смеццем”, – растлумачыў Куртбедзінаў.

Сабраны тэкстыль будуць вывозіць асобнымі аўтамабілямі, а не смеццявозамі. Затым яго даставяць на спецыяльную лінію сартавання, дзе тканіны падзеляць па тыпах і складзе валокнаў. Кампанія таксама плануе запусціць вытворчасць абцірачнага рыззя з рэчаў, непрыдатных для паўторнага выкарыстання. Астатнія матэрыялы будуць перапрацоўваць у RDF-паліва.

“Гэта дазволіць зрабіць збор тэкстылю практычна безадходным”, — адзначыў кіраўнік «Рэмондыс Мінск».

Пакуль кантэйнеры ўсталяваныя па чатырох адрасах:

  • вуліца Касманаўтаў, 33;
  • вуліца Лідская, 14;
  • вуліца Кунцаўшчына, 17;
  • вуліца Прытыцкага, 156.

Колькасць кантэйнераў плануюць павялічваць кожны тыдзень. Пазнаць іх можна будзе па афармленні з выявай гузіка з чатырма адтулінамі.