Будынак на каталіцкіх могілках. Фота: сацсеткі
Свежыя фота і відэа будоўлі ля касцёла святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску заўважылі ў сацсетцы. Аўтар лаканічна падпісаў здымкі: «Мой боль».
Як бачна на фота, будынак ужо практычна ўзведзены.
Будынка няма на планах горада, яго нечакана пачалі будаваць на месцы старадаўніх каталіцкіх могілак замест парку, які тут зрабілі парафіяне касцёла і які павінен быў быць пашыраны ў адпаведнасці з планамі забудовы, заўважыла выданне Katolik.life.
У каментарах пад фота многія мінчукі здзівіліся: яны не заўважылі, як хутка вырасла будоўля, і не ведалі пра яе існаванне. Але некаторыя напісалі пра тое, што ім вядома прызначэнне аб’екта – установа адукацыі КДБ, новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі. Звесткі пра выдзяленне ўчастка пад гэту ўстанову на былых Залатагорскіх могілках раней публікавалі недзяржаўныя медыя.
Пры будаўніцтве былі паднятыя з зямлі шматлікія парэшткі пахаваных тут людзей. Іх абяцалі перадаць парафіі для перапахавання, але, наколькі вядома вернікам, гэтага дагэтуль не адбылося. У штотыднёвых парафіяльных аб’явах доўга значыўся малітоўны заклік: «Каб парэшткі нашых продкаў, пахаваных на Залатагорскіх могілках, не былі знішчаныя».
Але ў апошнія месяцы гэтай малітвы ў аб’явах ужо не было.
Пры будаўніцтве былі парушаныя Кодэкс аб культуры і зацверджаны Мінкультам праект зон аховы. Участак на Залатой Горцы ўваходзіць у ахоўную зону, дзе забаронена капітальнае будаўніцтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram