Фото: t.me/komzdrav
У Мінску лекары дасталі з гартані 12-гадовага хлопчыка фрагмент драўлянай шпажкі, які знаходзіўся там восем сутак. Пра клінічны выпадак з практыкі расказалі ў камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
Падлетак паступіў у 3-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу з моцным болем у горле, абцяжараным глытаннем, павышаным слінааддзяленнем, агульнай слабасцю і прыкметамі абязводжвання. Дзіця не магло есці і піць. Хлопчык і яго бацькі звязвалі пагаршэнне стану з ужываннем мяса на драўлянай шпажцы 8 дзён таму. На працягу гэтага часу сімптомы ўзмацняліся.
Падчас абследавання лекары выявілі іншароднае цела ў гартанаглотцы, якое выклікала ацёк і запаленне навакольных тканак. Працяглае знаходжанне іншароднага цела стварала рызыку развіцця цяжкіх гнойна-запаленчых ускладненняў.
Аперацыю правялі пад агульнай анестэзіяй з выкарыстаннем эндаскапічнага абсталявання. Лекары дасталі з гартані дзіцяці фрагмент драўлянай шпажкі.
Першыя суткі пасля аперацыі хлопчык правёў у аддзяленні рэанімацыі. Пасля стабілізацыі стану і змяншэння ацёку яго перавялі ў отарыналарынгалагічнае аддзяленне. У выніку лячэння ўдалося ліквідаваць боль і аднавіць здольнасць дзіцяці глытаць і прымаць ежу. Хлопчыка выпісалі дадому ў здавальняючым стане.