У Мінскім цэнтры хірургіі і транспланталогіі абверглі паведамленні пра недахоп донарскай крыві

У Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі заявілі, што дэфіцыту донарскай крыві і яе кампанентаў няма. Пра гэта паведамілі ў Камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Нагодай для паведамленняў пра магчымы недахоп крыві стала інфармацыя, якая распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках.

У цэнтры патлумачылі яе з’яўленне некарэктным тлумачэннем з боку медработніка.

“Сітуацыя з донарскай крывёй стабільная і кантраляваная. Цэнтр мае незніжальны запас неабходных кампанентаў крыві. Інфармацыя, якая распаўсюдзілася ў сацсетках, не адпавядае рэчаіснасці.

Прычына – не вельмі карэктная падача інфармацыі: адна з медсясцёр не патлумачыла сваякам пацыента змест памяткі пра магчымасць здачы крыві, з-за чаго блізкія зразумелі яе не зусім правільна”, – гаворыцца ў каментары.

У цэнтры падкрэслілі, што такія памяткі выдаюцца сваякам пацыентаў у якасці інструкцыі для тых, хто хоча стаць донарам. Як заявіла загадчыца цэнтра трансфузіялогіі Вольга Левандоўская, экстранага закліку здаваць кроў цяпер няма.

Ахвотныя ж здаць кроў могуць звярнуцца ў цэнтр з панядзелка па пятніцу з 8:00 да 11:00. Ён знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Сямашкі, 8, корпус 2. Папярэдні запіс праводзіцца па тэлефоне (017) 277-20-17.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!