Скриншот видео
Імпартаёмістасць беларускай эканомікі за год знізілася на 4 п.п. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец.
“Імпартаёмістасць знізілася. Калі ў нас летась яна была каля 26%, то на 4 працэнтныя пункты мы гэтую імпартаёмістасць знізілі, яна складае крыху больш за 22%. Гэта якраз паказвае, што мы тое, што вырабляем унутры Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваем для далейшай перапрацоўкі і вытворчасці адпаведнай прадукцыі”, – сказаў ён.
У якасці прыкладаў апошніх поспехаў імпартазамяшчэння ён прывёў асваенне харвестарнай галоўкі для лесанарыхтоўчай тэхнікі, а таксама вытворчасць паперы з цэлюлозы.
“Цяпер мы ідзём у наступны праект – гэта вытворчасць паперы з гэтай цэлюлозы. То-бок мы робім ланцужок: лес, цэлюлоза, папера. Ну і наступныя этапы. Ёсць пэўныя планы, цяпер не буду іх агучваць, наступных тэхналагічных ланцужкоў вырабляць да канчатковага прадукту ўсю ўсю лінейку з нашай мясцовай сыравіны”, – сказаў ён.
Паводле слоў Вежнаўца, імпартазамяшчальная прадукцыя таксама ўжо складае аснову экспарту. На яе долю сёлета прыпадае 54% экспартных паставак.
Намеснік міністра расказаў, што ў рамках замяшчэння імпарту ў асноўным ацэньвае канкурэнтаздольнасць прадукцыі, але не заўсёды.
“Існуюць, вядома, і пэўныя напрамкі, якія з’яўляюцца крытычнымі для Рэспублікі Беларусь, якія мы, нягледзячы на цану, нягледзячы на аб’ёмы інвестыцый, вымушаныя развіваць для таго, каб мець эканамічную незалежнасць і эканамічную бяспеку. У такіх напрамках, вядома, таксама мы глядзім за эканомікай, але рашэнне аб рэалізацыі праекта ўжо прымаецца на падставе крыху іншых фактараў”, – патлумачыў ён.