У Малдове пасля серыі выбухаў знайшлі фрагменты беспілотнікаў

Сёння раніцай жыхары чатырох раёнаў Малдовы паведамілі пра выбухі за межамі населеных пунктаў. Пазней паліцыя выявіла фрагменты беспілотнікаў у Каўшэнскім, Штэфан-Водскім, Хынчэшцкім і Новааненскім раёнах. На шчасце, ахвяр і пацярпелых няма, паведамілі ў паліцыі Малдовы.

Першы сігнал паступіў у 07:50. Жыхары Каўшэн паведамілі пра выбух за межамі горада, пасля якога з’явіўся густы дым. На месцы выявілі фрагменты беспілотніка. Пазней абломкі другога дрона знайшлі каля сяла Канстанцінаўка Каўшэнскага раёна, дзе пасля выбуху загарэлася расліннасць.

Таксама фрагменты беспілотнікаў выявілі каля сяла Дуброўка Хынчэшцкага раёна і паміж сёламі Дэлакэу і Пугачэны Новааненскага раёна.

Каля сяла Крокмаз Штэфан-Водскага раёна адбыўся выбух на вінаградніку побач з сельскагаспадарчым аб’ектам. У выніку былі пашкоджаныя вокны будынка і пачаўся пажар сухой расліннасці.

Паліцыя працуе на месцах і высвятляе абставіны здарэння. Жыхароў заклікалі не набліжацца да падазроных прадметаў і іх фрагментаў і паведамляць пра іх па нумары 112.

Фота: facebook.com/politiarepubliciimoldova
Фота: facebook.com/politiarepubliciimoldova
Фота: facebook.com/politiarepubliciimoldova
Фота: facebook.com/politiarepubliciimoldova