У Магілёўскім раёне двое вяскоўцаў разбавілі невядомую вадкасць вадой і памерлі

У Магілёўскім раёне два чалавекі загінулі ў выніку атручвання метылавым спіртам. Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, інцыдэнт адбыўся ў верасні ў адным з аграгарадкоў Магілёўскага раёна.

48-гадовая жанчына знаходзілася ў гасцях у 61-гадовага аднавяскоўца. Яны разбавілі невядомую вадкасць вадой і выпілі яе, пасля чаго абодвум стала дрэнна. Мужчына памёр дома на працягу сутак. Жанчыну з прыкметамі атручвання даставілі ў бальніцу, аднак праз тыдзень яна таксама памерла.

Для ўстанаўлення прычын смерці былі прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы. Спецыялісты ўстанавілі, што абодва чалавекі памерлі ад вострага атручвання метылавым спіртам. Канцэнтрацыя метанолу ў крыві мужчыны склала 4,6 праміле, што ў 5 разоў перавышае смяротны ўзровень. У крыві жанчыны выявілі 0,9 праміле метанолу. У жанчыны атручванне ўскладнілася сіндромам паліорганнай недастатковасці з паражэннем галаўнога мозгу, печані, нырак і падстраўнікавай залозы.