У М’янме вынеслі прыгавор па справе аб гібелі беларускі Веры Краўцовай – СМІ

Суд у Янгоне прыгаварыў пецярых грамадзян М’янмы да 21 года пазбаўлення волі за гандаль людзьмі. Справа звязана з 26-гадовай грамадзянкай Беларусі Верай Краўцовай, якая была вывезена ў М’янму і апынулася ў скам-цэнтры, піша Democratic Voice of Burma (DVB).

Прыгавор быў вынесены 1 кастрычніка судом раёна Мінгаладон у Янгоне. Фігурантаў прызналі вінаватымі па артыкулах 38(a) і 44 закона М’янмы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Паводле даных DVB, ордары на арышт выдадзены яшчэ ў дачыненні да трох грамадзян М’янмы і двух грамадзян Таджыкістана, якіх падазраюць у датычнасці да справы Краўцовай.

Беларуска прыляцела з Бангкока ў Янгон 20 верасня 2025 года. 4 кастрычніка яна перастала выходзіць на сувязь з сям’ёй у Беларусі. СМІ пісалі, што беларуска была вымушана ўдзельнічаць у «рамантычных аферах» у М’янме. Дакладная дата яе смерці не ўстаноўлена.

Паведамлялася, што сваякі Краўцовай атрымалі паведамленні ад невядомых, якія патрабавалі выкуп у памеры 500 тысяч долараў. Пазней ім паведамілі, што цела дзяўчыны крэміравалі, а яе органы прадалі.

У ліпені 2025 года ў М’янме прынялі закон аб барацьбе з анлайн-махлярствам. За прымус да працы, катаванні і ўдзел у дзейнасці кібермахлярскіх цэнтраў ён прадугледжвае аж да смяротнага пакарання або пажыццёвага зняволення.

Нагадаем, у кастрычніку 2025 года стала вядома пра смерць у М’янме 26-гадовай беларускі Веры Краўцовай. Яна прыляцела ў Бангкок на працу, але апынулася ў скам-цэнтры ў М’янме.

З 8 ліпеня паміж Беларуссю і М’янмай дзейнічае бязвізавы рэжым.