У лонг-ліст прэміі беларускай праваабарончай супольнасці ўвайшлі 42 намінанты. Аргкамітэт патлумачыў рашэнне па Джоне Коўле

Аргкамітэт прэміі беларускай праваабарончай супольнасці 27 лістапада апублікаваў доўгі спіс намінантаў. У яго ўвайшлі 42 кандыдаты ў чатырох намінацыях. Імёны лаўрэатаў назавуць 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

На званне «Праваабаронца года» вылучалі ў тым ліку Джона Коўла — прадстаўніка адміністрацыі прэзідэнта ЗША, які ўдзельнічаў у перамовах аб вызваленні беларускіх палітвязняў. Яго кандыдатура ў лонг-ліст не ўвайшла. Аргкамітэт адзначыў значэнне гэтых перамоў, але патлумачыў, што ў заяўцы была апісаная пераважна дыпламатычная праца Коўла. Яго самастойную праваабарончую дзейнасць аўтары заяўкі не раскрылі.

Хто ўвайшоў у лонг-ліст

«Праваабаронца года». На прэмію прэтэндуюць Эніра Браніцкая, Святлана Галаўнёва, Кацярына Дэйкала, Марына Зялёная, Раман Кісляк, Уладзімір Лабковіч, Андрэй Палуда, Наталля Сацункевіч, Вікторыя Фёдарава і Алена Чаховіч.

«Журналіст / журналістка года». У спіс увайшлі Кацярына Андрэева, Настасся Бойка, Лілія Гайдаржы, Яна Галаган, Таццяна Гусева, Марына Золатава, Вольга Лойка, Наста Роўда, Аліса Сармант, Ірына Сідорская, Уладзімір Хільмановіч, Аляксандра Шакава, Тамара Шчапёткіна і Алена Якжык.

«Праваабарончая кампанія / ініцыятыва года». У гэтай намінацыі дзевяць прэтэндэнтаў:

  • аб’яднанне жанчын-палітвязняў «Побач»;
  • Беларуская праваабарончая школа;
  • грамадская прыёмная праваабарончага цэнтра «Вясна»;
  • кампанія Беларускай асацыяцыі журналістаў «Журналісты: бязгучны рэжым»;
  • кампанія ў абарону права беларусаў на прытулак у Грузіі;
  • кампанія «Вызваленне»;
  • «Хрысціянская візія»;
  • шэлтар для палітвязняў;
  • кампанія #FreeViasna.

«Праваабарончая салідарнасць». У лонг-ліст увайшлі Вацлаў Арэшка, Віталь Брагінец, Марына Касінерава, Дзмітрый Лаеўскі, Сяргей Сацук, Вольга Харламава, Уладзімір Целяпун, Віталь Чопік і Святлана Якубовіч.

Аргкамітэт патлумачыў, што намінацыя «Праваабарончая салідарнасць» прызначаная для людзей, якія зазналі рэпрэсіі за абарону правоў іншых. У некалькіх заяўках арганізатары не знайшлі дастатковага абгрунтавання сувязі паміж пераследам кандыдата і яго праваабарончай дзейнасцю. У катэгорыі кампаній і ініцыятыў частку заявак адхілілі з іншай прычыны — на прэмію вылучылі арганізацыі ў цэлым, хоць паводле ўмоў намінацыі прадставіць трэба было канкрэтны праект.

Як абяруць лаўрэатаў

Члены аргкамітэта тайным галасаваннем абяруць па тры фіналісты ў кожнай намінацыі. Затым спіс перададуць праваабарончым арганізацыям, якія і вызначаць пераможцаў.

Прэмію беларускай праваабарончай супольнасці заснавалі ў 2008 годзе. Вылучаць кандыдатаў могуць лаўрэаты мінулых гадоў і арганізацыі, якія далучыліся да Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.