У Лондане пройдзе першы кангрэс беларусаў Вялікабрытаніі і Ірландыі

У канцы студзеня 2027 года ў Лондане пройдзе першы кангрэс беларусаў Вялікабрытаніі і Ірландыі пад назвай «Белбрыдж» (Belbridge), паведамляюць “Народныя амбасады Беларусі”.

Мерапрыемства задумана як пляцоўка для знаёмства і наладжвання сувязяў паміж беларусамі, якія пражываюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі. Удзельнікі змогуць прадставіць свае ініцыятывы і бізнес-праекты, знайсці прафесійныя кантакты, абмеркаваць сумесныя праекты і магчымасці дапамогі Беларусі.

«Хочам сустрэцца, пазнаёміцца і знайсці людзей, з якімі можна рабіць нешта разам. Прадставіць сваю ініцыятыву або бізнес, знайсці прафесійныя кантакты, пачаць сумесны праект або далучыцца да дапамогі Беларусі», – адзначаюць арганізатары.

Праграму кангрэса плануюць сфарміраваць з улікам прапаноў саміх удзельнікаў. Для гэтага арганізатары прапануюць запоўніць анкету на сайце belbridge.org і пазначыць тэмы, якія цікавяць, пытанні для абмеркавання і ідэі для выступленняў.

Дакладная дата, месца правядзення і праграма кангрэса пакуль не абвешчаныя. Інфармацыю аб падрыхтоўцы мерапрыемства арганізатары абяцаюць публікаваць у сацыяльных сетках Belbridge: Instagram @belbridge27 і Facebook Belbridge.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Народнае консульства Беларусі ў Шатландыі і Народная амбасада Беларусі ў Вялікабрытаніі.