Фото: t.me/tsikhanouskaya
Кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі і юрысты Офіса сустрэліся з Віцісам Юрконісам, кіраўніком прадстаўніцтва Freedom House у Літве – праваабарончай арганізацыі, якая падтрымлівае беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, дапамагае ахвярам рэпрэсій і сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Бакі абмеркавалі падтрымку беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве, а таксама падрыхтоўку да магчымага прыезду вызваленых палітвязняў. Асобная ўвага была нададзена іх легалізацыі і арганізацыі дапамогі з першых дзён пасля прыезду. Гаворка таксама ішла пра сумесныя мерапрыемствы ў Літве і ЗША.
Кучынскі заявіў, што пасля візіту спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла ў Літву ў краіну могуць прыехаць вызваленыя палітвязні.
«Калі гэта адбудзецца, дапамога ім спатрэбіцца з першага дня. Таму мы ўжо цяпер узгадняем працу з камандай Freedom House і іншымі арганізацыямі: хто сустракае людзей, куды яны могуць звярнуцца і якую падтрымку атрымаюць у першыя дні. Дзякуй за гатоўнасць хутка падключацца і дапамагаць», – сказаў ён.
У выпадку вызвалення палітвязняў і іх накіравання ў Літву дапамогу гатовыя аказаць Офіс Ціханоўскай, Freedom House, фонд «Краіна для жыцця», ініцыятывы «Вольныя» і Dissidentby, Літоўскі Чырвоны Крыж, Беларускі дом правоў чалавека, праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН і фонд BySol.