Фото: vsat.lrv.lt
Кантрабандысты цыгарэт з Беларусі ў апошнія гады здалі свае пазіцыі. Галоўным выклікам для літоўскіх памежнікаў цяпер сталі кантрафактныя цыгарэты з Латвіі. Пра гэта заявіў часовы кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Данатас Шкарнуліс.
«Бачная агульная змена кірункаў: доля кантрабанды тытуню з боку Беларусі зніжаецца. У перспектыве некалькіх гадоў цяпер пераважаюць менавіта латвійскія падробленыя тытунёвыя вырабы з Латвіі, і іх доля нават большая, чым тых, што паступаюць з Беларусі», – сказаў ён LRT.
Паводле яго слоў, баланс ужо зрушыўся ў бок кантрафакту. Такія змены Шкарнуліс звязвае з мерамі, якія прымаюць літоўскія службы.
«Летась да крымінальнай адказнасці было прыцягнута каля 200 чалавек толькі па справах, звязаных з паветранымі шарамі. Сёлета ў нас таксама ёсць дзясяткі выпадкаў, гэта наша пастаянная праца, і яна сапраўды дае эфект. Толькі сёлета запускаў саміх шароў у тры разы менш у параўнанні з мінулым годам, і прыкладна ў два разы менш дастаўленых такім чынам тытунёвых вырабаў», – сказаў ён.
Паводле даных памежнікаў, з пачатку года ў Літве перахапілі 181 партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі, дастаўленых метэазондамі. Летась такіх выпадкаў было 635. Таксама сёлета памежнікі перахапілі 67 беспілотнікаў кантрабандыстаў.