У Латвіі правяралі інфармацыю пра дрон і знайшлі буйную партыю беларускіх кантрабандных цыгарэт

У Латвіі памежнікі выявілі ў лесе 340 тысяч кантрабандных цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная памежная ахова Латвіі.

18 лістапада памежнікі правяралі інфармацыю Ваенна-паветраных сіл Нацыянальных узброеных сіл Латвіі пра беспілотнік, заўважаны ў глыбіні тэрыторыі краіны. Падчас праверкі ў лесе ў Краслаўскай воласці Краслаўскага краю былі выяўлены 24 прамавугольныя скрынкі, абгорнутыя белай поліэтыленавай плёнкай. У іх знаходзіліся 340 тысяч цыгарэт маркі NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Канфіскаваныя цыгарэты перадалі Дзяржаўнай паліцыі Латвіі, якая распачала крымінальную справу па частцы 3 артыкула 190 Крымінальнага закона аб кантрабандзе ў буйным памеры.