У Кіеве абмяркоўваюць стварэнне рабочай групы па праблемах беларусаў ва Украіне

На пятым Форуме Астрожскіх у Кіеве прадстаўнікі беларускіх дэмсіл абмяркоўваюць з украінскімі ўладамі праблемы беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне, у тым ліку пытанні легалізацыі. Пра гэта паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Безумоўна, многае ўпіраецца ў праблемы легалізацыі. Таму што беларусы, якія тут жывуць, яны не могуць атрымаць дакументы, пашпарты заканчваюцца, няма сістэмы і механізму, як усе гэтыя праблемы вырашыць. Але сёння праходзілі размовы з прадстаўнікамі ўкраінскай улады, і мы спадзяёмся, што ўжо ў найбліжэйшы тыдзень мы зможам знайсці нейкую дарожную карту, нейкія наступныя крокі», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, на сустрэчах з прадстаўніком Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага абмяркоўвалася стварэнне рабочай групы па праблемах беларусаў ва Украіне. З дэпутатамі Вярхоўнай рады гаварылі пра законапраекты, якія павінны дапамагчы разблакіраваць банкаўскія рахункі беларусаў і спрасціць працэдуры легалізацыі.

“Форум працягнецца яшчэ заўтра. Удзельнічаюць таксама беларускія ветэраны, беларускія добраахвотнікі і беларускія дзеячы культуры. Я думаю, што ўсе гэтыя аспекты нашых адносін трэба тут абмеркаваць. Таму што сапраўды год таму многае было немагчыма. Цяпер, калі з’явіліся гэтыя кантакты з Украінай, многія рэчы можна будзе — мы спадзяёмся, мы спадзяёмся — можна будзе вырашыць”, — адзначыў дарадца.