У Камянецкім раёне ў рамках праверкі сфарміравалі два атрады апалчэння

У Беларусі праходзіць праверка гатоўнасці народнага апалчэння. У рамках мерапрыемства ў Камянецкім раёне сфарміраваныя два атрады. Пра гэта распавёў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які выехаў на месца.

“У Камянецкім раёне, побач з дзяржаўнай мяжой, фарміруюцца два атрады народнага апалчэння. Мной было заслуханае рашэнне старшыні райвыканкама аб фарміраванні. Хачу сказаць: ёсць разуменне, рашэнне даволі поўнае і ёмістае. Ахопленыя ўсе пытанні, звязаныя з фарміраваннем атрадаў народнага апалчэння. Некаторыя моманты падкарэктавалі”, — сказаў ён, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, падчас праверкі былі верыфікаваныя спісы па сельсаветах. У цэлым у раёне можна сфарміраваць каля 16 атрадаў.

“Людзям будзе выдавацца зброя, і сумесна з участковымі, аператыўнымі супрацоўнікамі тэрытарыяльных органаў МУС яны будуць выконваць гэтыя задачы. Практычна гэты ланцужок мы цяпер і адпрацоўваем”, — патлумачыў Вальфовіч.

Сёння будуць сфарміраваныя самі атрады. Заўтра яны атрымаюць зброю, а затым правядуць заняткі па баявым зладжванні.