Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічным музей у Telegram.
У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі працуе выстава «Песня пра зубра».
У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя творы, вырабы са шкла, рэдкія кнігі і іншыя рарытэты з выявай зубра. Сярод экспанатаў — кніга Георгія Карцова «Белавежская пушча» 1903 года, у якой дадзены гістарычны агляд Белавежскай пушчы ад старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя, апісанне прыроды, жывёльнага свету (у тым ліку зуброў) і арганізацыі царскіх паляванняў.
Таксама на выставе паказалі нагрудны знак сельскага старасты і кукарду чыноўніка Гродзенскай губерні другой паловы XIX стагоддзя.
Выстава прымеркаваная да Міжнароднага дня зубра, які з 2015 года адзначаецца 30 верасня з мэтай прыцягнуць увагу да неабходнасці аховы гэтай жывёлы і яе асяроддзя пражывання.
Беларусь займае трэцяе месца па колькасці зуброў пасля Расіі і Польшчы. Важнае значэнне зубра для Гродзеншчыны знайшло непасрэднае адлюстраванне ў геральдыцы: у XIX стагоддзі ён быў галоўным элементам герба Гродзенскай губерні, а сёння залаты зубр упрыгожвае герб Гродзенскай вобласці.
Выстава будзе працаваць у фае Новага замка па 11 кастрычніка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram