Фото: прокуратура Гродненской области
Пракуратура Гродзенскай вобласці заявіла пра парушэнні, выяўленыя ў арганізацыі патрыятычнага выхавання непаўналетніх. У ведамстве наракаюць, што, нягледзячы на праводзімую працу, у рэгіёне працягваюць фіксавацца выпадкі распаўсюджвання непаўналетнімі матэрыялаў, прызнаных “экстрэмісцкімі”, а таксама нацысцкай сімволікі.
У прыватнасці, паводле даных пракуратуры, навучэнец адной з гімназій Гродна размяшчаў у Telegram нацысцкую сімволіку і каментарыі, якія ў ведамстве расцанілі як дыскрэдытуючыя дзяржаўныя і грамадскія інстытуты. У іншым выпадку 15-гадовая школьніца распаўсюджвала выявы свастыкі і матэрыялы, уключаныя ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Адзначаецца, што падобныя дзеянні здзяйсняюць у тым ліку дзеці, якія не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай адказнасці.
Праверка таксама выявіла недахопы ў арганізацыі выхаваўчай працы ва ўстановах адукацыі. Сярод парушэнняў называюцца фармальнае планаванне, невыкананне запланаваных мерапрыемстваў, недастатковы аналіз іх эфектыўнасці і слабае ўзаемадзеянне паміж установамі адукацыі і іншымі структурамі.
Парушэнні выявілі і ў працы факультатываў патрыятычнай накіраванасці і ваенна-патрыятычных аб’яднанняў. Пракуратура таксама незадаволеная дзейнасцю ваенна-патрыятычных клубаў і нізкай уцягнутасцю навучэнцаў у БРСМ.
“З прычыны аслаблення кантролю з боку кіраўнікоў устаноў адукацыі дапускаліся факты фармалізму пры арганізацыі працы, неналежнага ўліку праведзеных заняткаў і парушэння педагогамі працоўнай дысцыпліны. Не ў поўнай меры забяспечвалася выкананне планаў выхаваўчай працы ва ўстановах, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тут жа выяўлены недахопы ў працы ваенна-патрыятычных клубаў і слабая ўцягнутасць навучэнцаў у дзейнасць ГА «БРСМ», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Адзначаецца, што на інфармацыйных стэндах некаторых устаноў адукацыі размяшчаліся састарэлыя звесткі пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны. У асобных выпадках экіпіроўка сцяганосных груп знаходзілася ў неналежным стане.
Па выніках праверкі пракуратура ўнесла 12 прадстаўленняў у мясцовыя органы ўлады і кіраўнікам устаноў адукацыі. Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці накіраваў абагульненае прадстаўленне намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя парушэнні і павысіць эфектыўнасць патрыятычнага выхавання моладзі.
Выкананне патрабаванняў пракуратуры ўзята на кантроль.
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.