У Гродне затрымалі падазраванага ў гібелі ёркшырскага тэр’ера

У Гродне аднагадовы ёркшырскі тэр’ер загінуў пры падзенні з дзявятага паверха. Падазраваны затрыманы, распачата крымінальная справа аб жорсткім абыходжанні з жывёлай, якое пацягнула яе гібель, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 6 на 7 кастрычніка ў жылым раёне Альшанка. У госці да 41-гадовай гаспадыні кватэры прыйшла сяброўка, пазней да іх далучыўся 45-гадовы муж госці. Кампанія распівала спіртное. У нейкі момант мужчына пачаў паводзіць сябе агрэсіўна і ўжываць фізічную сілу. Спалохаўшыся, жанчыны выбеглі з кватэры і выклікалі міліцыю ад суседзяў.

У кватэры засталіся мужчына і ёркшырскі тэр’ер гаспадыні. Паводле папярэдняй інфармацыі, сабака паспрабаваў абараніць жанчыну. Мужчына ўзяў гадаванца на рукі, а праз некаторы час жывёла апынулася на зямлі пасля падзення з дзявятага паверха.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС, якія прыбылі на месца, затрымалі мужчыну. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.