У Гомелі пецярых паручыцеляў аштрафавалі за ўцёкі абвінавачанага

У Гомелі суд спагнаў з пецярых паручыцеляў абвінавачанага, які схаваўся ад суда і з’ехаў за мяжу. Кожны з іх павінен выплаціць па 100 базавых велічынь, агульная сума спагнанняў перавысіла 20 тысяч рублёў.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, падчас папярэдняга расследавання абвінавачанаму абралі меру стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства. Пяцёра яго землякоў паручыліся за належныя паводзіны мужчыны і яго своечасовую яўку да следчага і ў суд.

У сакавіку 2026 года абвінавачаны не з’явіўся на судовае пасяджэнне. Пазней супрацоўнікі органаў унутраных спраў устанавілі, што ён выехаў з Беларусі і стаў пражываць у іншай краіне. Суд абвясціў мужчыну ў вышук і змяніў яму меру стрымання на заключэнне пад варту. Паручыцелі заявілі ў судзе, што кантралявалі абвінавачанага падчас асабістых сустрэч і па тэлефоне і не чакалі, што ён вырашыць схавацца. Аднак гэта не вызваліла іх ад адказнасці.

Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, калі абвінавачаны здзяйсняе дзеянні, ад якіх яго павінны былі ўтрымаць паручыцелі, на кожнага з іх можа быць накладзены штраф ад 100 да 500 базавых велічынь.

У жніўні суд задаволіў прадстаўленне намесніка пракурора Гомельскай вобласці і спагнаў з кожнага паручыцеля па 100 базавых велічынь. Агульная сума склала больш за 20 тысяч рублёў.

Пастанова суда пакуль не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана або апратэставана.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!