“У Еўропе з прадуктамі харчавання бяда”. Лукашэнка хоча супрацоўнічаць з палякамі, літоўцамі і латышамі

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што засушлівае надвор’е ў краінах ЕС прывяло да праблем з харчаваннем, таму трэба “паціху супрацоўнічаць” з суседзямі. Пра гэта ён заявіў падчас паездкі ў Мінскі раён, дзе яму прадставілі вынікі палявога эксперыменту па ўнясенні адходаў калійнай вытворчасці пад пасевы кукурузы.

“Трэба з суседзямі нам супрацоўнічаць. І з палякамі, і з літоўцамі, латышамі. У гэтай сітуацыі, калі ў Еўропе з прадуктамі харчавання бяда ў сувязі з гэтай засухай, трэба паціху з імі супрацоўнічаць. Суседзі ёсць суседзі. Калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта сведчыць пра тое, што нам, можа, і вайны пазбегнуць удасца”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Трэба адзначыць, што ў краінах Еўрасаюза на гэты момант не назіраецца перабояў з пастаўкамі прадуктаў харчавання. Паводле даных польскай статыстыкі, ураджай збожжавых сёлета ацэньваецца ў краіне ў 35,5 млн т, што на 5% менш, чым у 2025-м. Аднак ён у 3,5 раза большы, чым ураджай у Беларусі, у які разам са збожжавымі для павелічэння аб’ёму валавога збору ў апошнія гады залічваюць рапс. У Літве ўраджай збожжавых чакаецца на ўзроўні мінулага года. Толькі ў Латвіі сёлета прагназуецца прыкметнае зніжэнне сярэдняй ураджайнасці.

Яшчэ адным напрамкам патэнцыйнага супрацоўніцтва Лукашэнка назваў пастаўкі паліўных пелет.

“Мяне здзіўляюць увогуле палякі. Дровы ў Польшчы, ды і ў Літве, ва ўсіх суседзяў дровы падаражэлі. Ну вазьміце дровы, пелеты і іншае па прымальнай цане. Упіраюцца. Ну, не хочуць браць – не трэба.

Заўтра мы ім не зможам прадаць. Таму што мы масава пачалі пераходзіць самі на гэтыя дровы і пелеты. Добрая тэхналогія. Гомель робіць добры кацёл – пелеты ў бункер засыпаў, і аўтаматычна падаецца. Мы асвоім гэта. Нам самім патрэбныя будуць гэтыя дровы і пелеты”, – сказаў ён.

Нагадаем, Еўрасаюз пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў 2022 годзе, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, увёў санкцыі супраць айчыннай дрэваапрацоўкі. Пад забарону трапілі і паліўныя пелеты. Перад гэтым у Беларусі па ўказанні Лукашэнкі масава будаваліся пелетныя заводы ў разліку на пастаўкі ў краіны Еўрасаюза, аднак у выніку яны аказаліся незапатрабаванымі.

У ліпені прэс-служба Дзяржстандарту паведаміла, што ў 2025 годзе спажыванне паліўных пелет у Беларусі вырасла на 39% да 61,6 тыс. т. Між тым у краіне раней было створана 64 заводы па вытворчасці паліўных пелет агульнай магутнасцю 900 тыс. т.