У дачыненні да заснавальнікаў Dissidentby распачата спецвытворчасць

Следчы камітэт распачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Вячаслава Касінерава, Марыны Касінеравай і Яўгена Разумко.

Яўген Разумко абвінавачваецца па ч. арт. 293 (масавыя беспарадкі) і ч. 1 арт. 14 і арт. 362 КК (замах на забойства супрацоўніка АУС).

Вячаслаў Касінераў і Марына Касінерава абвінавачваюцца ў стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361-1 КК), распальванні варожасці або розні ў ролі арганізатараў (ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК), дыскрэдытацыі Беларусі ў ролі арганізатараў (ч. 4 арт. 16 і арт. 369-1 КК), арганізацыі абраз Лукашэнкі (ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 368 КК), садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК).

Усім траім прапануюць з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Вячаслаў і Марына Касінеравы – заснавальнікі праваабарончага праекта Dissident.by, які быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

«У краіне, дзе адсутнічаюць правы, любая праваабарончая дзейнасць будзе з’яўляцца злачынствам. Але мы працягваем працаваць. Ніводзін з нашых праектаў не спыняецца. Мы будзем і надалей падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, дакументаваць рэпрэсіі і адстойваць правы беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму», — заявілі яны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!