У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў конкурс «Лідар года – 2026», удзельніцы якога спрачаліся ў дэбатах, абаранялі сацыяльныя ініцыятывы і, напэўна, не здагадваліся, што з-за неразборлівага шрыфту іх агульнае фота набудзе вірусную папулярнасць. Раёнка размясціла ў Instagram дзяжурную справаздачу пра мерапрыемства, якая сабрала 12,6 тыс. лайкаў і 490 рэпостаў – у сотні разоў больш, чым звычайна. Каментарыі да запісу адключаныя, і гэта не дэфолтная налада.
Потым фота трапіла ў Instagram-паблік «Нетипичный Витебск». Пост з сухім подпісам пра мерапрыемства сабраў 57 каментарыяў і больш за 700 перасылак. «Падалося», – пісалі беларусы і не толькі. Каментатары прызнаюцца, што перачытвалі надпіс тройчы, удакладняюць, за што менавіта ўручаны дыплом, жартуюць пра гульню шрыфтамі і просяць наступным разам зрабіць першую літару больш разборлівай.