У віцебскім мікрараёне Мішкова знойдзены сабака з дзвюма адсечанымі лапамі. Ён правёў без медыцынскай дапамогі каля сямі дзён. Пасля паведамлення валанцёраў беларусы за некалькі гадзін сабралі грошы яму на лячэнне. Цяпер жывёла ўведзена ў стан штучнага сну, а заўтра ёй трэба будзе аперацыя. Гэта ўжо другі падобны выпадак за тыдзень у краіне. Па першым распачата крымінальная справа, але пра затрыманне жывадзёра не паведамлялася. Новым выпадкам, паводле слоў валанцёраў, таксама займаецца міліцыя, аднак афіцыйных каментароў пакуль няма.
Гэта відэа знята валанцёркай, якая знайшла знявечанага сабаку – на ім відаць, у якім стане быў сабака. З этычных меркаванняў мы заблюрылі месцы ампутацыі.
«Гаспадары сабакі, нядобранадзейныя людзі, вядуць амаральны лад жыцця, але са слоў суседзяў нібыта адэкватныя», – піша дабрачынная ініцыятыва «Чатыры лапы».
Валанцёры адразу адкрылі збор, за некалькі гадзін знайшлі пацярпеламу сабаку ператрымку і транспарт, а таксама дамовіліся пра аперацыю.
Беларусы за гэты час сабралі амаль 6000 рублёў на лячэнне пацярпелага сабакі: «Стоп збор! Сума, якую ўдалося сабраць, ужо занадта вялікая!» – напісалі валанцёры ініцыятывы «Чатыры лапы».
Сабака ўжо знаходзіцца ў стацыянары і ўведзены ў стан сну. Яму аказалі ўсю неабходную першую дапамогу.
«Заўтра на змене будзе найлепшы хірург г. Віцебска і Віцебскай вобласці доктар Ігар Арлоў і аперацыя. Стан сабакі стабільны, ён баец», – піша four_paws.by у Threads.
Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошні тыдзень. Першага сабаку знайшлі каля аграгарадка Хатынічы Ганцавіцкага раёна. Міліцыя даведалася пра яго 18 лістапада. Расследаванне ідзе па ч. 1 арт. 339-1 КК, па справе прызначаны экспертызы і працягваецца вышук датычных. Ветэрынары зафіксавалі ў гадавалага сабакі ампутацыю ўсіх чатырох лап, даўнасць траўмы ацанілі ў два тыдні, а калецтвы назвалі наўмыснымі. Сабака жыве ў брэсцкага валанцёра, грошы на аперацыю сабраны, але хірургічнае ўмяшанне адкладаецца з-за знясілення жывёлы. Цяпер, паводле паведамленняў валанцёраў, ён адчувае сябе лепш.
Пасля гісторыі ў Хатынічах быў створаны публічны зварот да Лукашэнкі з просьбай узмацніць пакаранне за жывадзёрства. Цяпер пад крымінальную адказнасць жывадзёр трапляе, толькі калі жывёла загінула або была знявечана, а матыў быў хуліганскім, карыслівым або іншым нізкім ці ўсё адбывалася пры малалетнім. Максімум па першай частцы — арышт, па другой (паўторна або групай) — да трох гадоў пазбаўлення волі.