Фото: Генпрокуратура
У Беларусі за паўтара года асуджана больш за 2,5 тыс. чалавек за “экстрэмісцкія злачынствы”. Пра гэта ў Нацыянальным сходзе заявіў Генпракурор Дзмітрый Гара.
“Забяспечана актыўная праца па расследаванні экстрэмісцкіх злачынстваў, выкрыцці і прыцягненні да крымінальнай адказнасці вінаватых асоб. За паўтара года пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне па больш чым 2 тыс. крымінальных спраў гэтай катэгорыі ў дачыненні да 2,5 тыс. асоб. Праваахоўнымі органамі прымаюцца меры па прыцягненні да крымінальнай адказнасці ўсіх асоб, якія ўчынілі экстрэмісцкія і тэрарыстычныя злачынствы з 2020 года”, – сказаў ён.
Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца сілавікамі для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.
Гара таксама паведаміў, што з 2022 года ў суд накіраваныя крымінальныя справы ў дачыненні да больш чым 150 чалавек у парадку спецвытворчасці. Дадзены парадак прымяняецца ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца за мяжой. Суд праводзіцца завочна.
“Сумесна з органамі дзяржаўнай бяспекі праведзена праца па забароне дзейнасці тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый. Па заявах Генеральнай пракуратуры Вярхоўны Суд прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй “Аб’яднаны пераходны кабінет” і экстрэмісцкай – “Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт”, – дадаў Гара.