У Беларусі выявілі маштабную карупцыйную схему пры пастаўках электраабсталявання. Пра гэта ў Нацыянальным сходзе расказаў Генпракурор Дзмітрый Гара.
Паводле яго слоў, схема ахоплівала службовых асоб арганізацый прамысловасці, сельскай, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і дарожнага будаўніцтва.
Памер хабараў складаў да 10% кошту абсталявання, якое закуплялася, і дасягаў 190 тыс. рублёў. Агульная сума выяўленых хабараў – больш за 750 тыс. рублёў.
Колькасць фігурантаў справы не называецца.
У цэлым за 1,5 года па выніках праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ўзбуджана 236 крымінальных спраў.
Па прадпісанні пракуратуры былі адменены больш за 1,3 тыс. працэдур на агульную суму звыш 330 млн рублёў.
Таксама да адказнасці з-за датычнасці да карупцыі прыцягнуты 210 юрыдычных асоб. Агульная сума накладзеных штрафаў склала 2 млн рублёў.