У Беларусі сэрвіс зваротаў у дзяржорганы перастаў працаваць пасля публікацыі пра ўцечку даных

Пасля публікацыі пра ўцечку даных перастаў працаваць сэрвіс зваротаў у дзяржорганы «Звароты.бел», піша «Зеркало».

Сёння раніцай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі паведаміла, што доступ да сістэмы часова абмежаваны “з-за тэхнічных работ”.

«Звяртаем увагу, што ў сувязі з правядзеннем тэхнічных работ доступ да сістэмы зваротаў (обращения.бел) часова абмежаваны. Аб завяршэнні рэгламентных работ і аднаўленні поўнафункцыянальнага доступу да сістэмы будзе паведамлена дадаткова», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Прычыны правядзення работ не ўдакладняюцца.

Сістэма зваротаў «Звароты.бел» уяўляе сабой афіцыйны цэнтралізаваны анлайн-партал, праз які можна падаць заяву, прапанову або скаргу ў любое дзяржаўнае ведамства Беларусі, а таксама адсочваць ход іх разгляду.

Увечары 9 кастрычніка «Зеркало» выявіла, што ў папулярным сэрвісе па «прабіванні» з’явіліся даныя, падпісаныя «карыстальнікі обращения.бел». Праверка выдання паказала, што бот пачаў паказваць рэальныя звароты ў дзяржорганы, адпраўленыя праз анлайн-платформу.

У сэрвісе «Звароты.бел» зарэгістравана больш за 413 тысяч фізічных асоб, а таксама 19 тысяч дзяржорганаў і арганізацый.

Згодна з правіламі, у выпадку ўцечкі персанальных даных аператар абавязаны паведаміць Нацыянальнаму цэнтру абароны персанальных даных. Аднак, як адзначае «Зеркало», паведамлення пра ўцечку з «Звароты.бел» не паступала.