МУС Беларусі заявіла пра спыненне дзейнасці махлярскай сеткі, у якую ўваходзілі больш як 80 чалавек. Паводле сцвярджэння ведамства, удалося прадухіліць шкоду на суму больш за 10 млн рублёў і зберагчы ад афер больш за 2 тысячы грамадзян. Дзейнасць групы спынілі супрацоўнікі ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Брэсцкай вобласці.
Як паведамілі ў міністэрстве, з пачатку года павялічылася колькасць зваротаў грамадзян па фактах крадзяжу буйных сум праз інтэрнэт. Зламыснікі тэлефанавалі пацярпелым, прадстаўляючыся супрацоўнікамі розных арганізацый і праваахоўных органаў, і з дапамогай псіхалагічных маніпуляцый пераконвалі перадаваць ім зберажэнні.
Аналітычная праца дазволіла ўстанавіць сувязь паміж асобнымі ўдзельнікамі махлярскіх схем і выявіць разгалінаваную сетку, якая дзейнічала па ўсёй краіне. Аператыўнікі ўстанавілі асоб, якія займаліся эксплуатацыяй абсталявання і падборам персаналу, а таксама арганізатараў і куратараў, якія знаходзяцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы.
У групу ўваходзілі больш як 80 чалавек, у тым ліку дропы, кур’еры і спецыялісты, якія забяспечвалі бесперабойную працу тэхнікі.
Падчас аперацыі канфіскавалі абсталяванне коштам больш за 60 тысяч рублёў, удалося прадухіліць шкоду на суму больш за 10 млн рублёў і абараніць ад махлярскіх дзеянняў больш за 2 тысячы чалавек.