У Беларусі расце захваральнасць на ВРІ. Дзеці складаюць 68% хворых

У Беларусі назіраецца сезонны рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Сярод хворых 68,2% складаюць дзеці, паведаміў Міністэрства аховы здароўя.

Ведамства звязвае рост захваральнасці з сезоннасцю і пачаткам навучальнага года. Звычайна сезон ВРІ працягваецца з кастрычніка па красавік. Цяпер цыркулююць пераважна негрыпозныя ўзбуджальнікі. Сярод іх Міністэрства аховы здароўя вылучае рынавірус — 47,3%, бакавірус — 20% і вірусы парагрыпу — 14,5%.

У кастрычніку ў Беларусі плануюць пачаць масавую вакцынацыю супраць грыпу і COVID-19. Першая партыя расійскай вакцыны «Грыпал Плюс», закупленай цэнтралізавана для пацыентаў з груп высокай рызыкі, прайшла лабараторны кантроль і паступае ва ўстановы аховы здароўя.

За ўласныя сродкі будуць даступныя чатырохвалентныя вакцыны супраць грыпу «Інфлювак Тэтра» і «ВаксігрыпТэтра». Для вакцынацыі супраць COVID-19 Міністэрства аховы здароўя назвала расійскі прэпарат «Канвасэл». Паводле інфармацыі ведамства, прышчэпкі супраць грыпу і COVID-19 можна зрабіць у адзін дзень.

Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе планаваць вакцынацыю на кастрычнік і загадзя паведамляць пра жаданне зрабіць прышчэпку ў паліклініку па месцы жыхарства.