У Беларусі прапанавалі стварыць кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце

У Беларусі варта стварыць кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце. У яго распрацоўцы павінны ўдзельнічаць сілавікі. Такое меркаванне ў ток-шоу СТБ выказаў намеснік дэкана факультэта журналістыкі БДУ Алег Нікіфараў.

«Праблема ў тым, што ў нас цяпер не сфарміраваліся гэтыя этычныя нормы камунікацыі ў інтэрнэт-прасторы. Мы дагэтуль не ведаем, як правільна, ці можна патэлефанаваць чалавеку ўвечары па працы, не па працы? Як лепш напісаць?» — сказаў ён.

Вырашыць гэтую праблему, на яго думку, можна з дапамогай кодэкса.

«Гэта значыць, павінен быць сфарміраваны нейкі кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце. Гэта павінна быць сумесная праца розных службаў, і праваахоўных, і юрыдычных, і сацыялагічных, і педагагічных», — дадаў Нікіфараў.

Вядучы ток-шоу заўважыў, што калі не будзе зноскі ад міліцыі, што за гэта пагражае, то кодэкс працаваць не будзе.

«Нашы людзі звычайна прыслухоўваюцца. Яны будуць старацца, прынамсі», — адказаў намеснік дэкана.