У Беларусі мядзведзь спрабаваў залезці ў палатку да турыстаў – тыя спакойна знялі яго на відэа

У TikTok набірае папулярнасць ролік з бурым мядзведзем, які нетаропка абыходзіць турыстычную палатку, нешта абнюхвае ля самага ўваходу, ледзь не тыцкае мордай у аб’ектыў. 36-секунднае відэа з’явілася на канале карыстальніка Tv.Mast з подпісам «Вось так мы адпачывалі. Кемпінг. Беларусь».

Аператар застаецца ў палатцы і моўчкі здымае тое, што адбываецца: не спрабуе ні адпудзіць мядзведзя, ні выбрацца. На пытанні ў каментарыях аўтар не адказвае. Карыстальнікі зрабілі выснову: відэа выкладваў ужо мядзведзь.

Насамрэч, турысты паводзяць сябе шмат у чым правільна, бо звер прыйшоў без агрэсіі. Хутчэй за ўсё, яго прывабіў пах ежы або простая цікаўнасць, і нападаць на людзей ён відавочна не збіраецца. Апошняе, што трэба рабіць у такой сітуацыі – уцякаць і панікаваць. Але Мінсельгасхарч рэкамендуе абазначыць сябе спакойным гучным голасам або стукам.

Reform.news ужо пісаў пра актыўны рост папуляцыі мядзведзяў у Беларусі: сёлета ў Мінлясгаса на ўліку 1491 асобіна супраць ранейшых 1228. Паводле ўказа Лукашэнкі нават аднавілася паляванне на іх. У Нацыянальнай акадэміі навук кажуць, што сустрэць мядзведзя можна ва ўсіх абласцях Беларусі: больш за ўсё іх у Віцебскай (74%) і Мінскай (23%), але адзінокія асобіны трапляліся ў Гродзенскай і Брэсцкай – звяры рассяляюцца даволі хутка. Пры гэтым пакуль не зафіксавана ніводнага выпадку нападу на чалавека.