У Беларусі ліквідаваныя або ліквідуюцца 40 прыходаў БПЦ

У Беларусі з лістапада 2023 года ліквідаваныя 34 прыходы Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), яшчэ 6 знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Такія даныя па стане на 13 лістапада 2026 года прыводзіць «Хрысціянская візія».

Усяго рэсурс выявіў 40 выпадкаў ліквідацыі або пачатку працэдуры ліквідацыі праваслаўных прыходаў. Інфармацыя сабраная на падставе звестак Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) і сэрвісу «Картатэка».

Больш за ўсё такіх выпадкаў зафіксавана ў Гродзенскай вобласці, дзе ліквідаваныя 9 прыходаў. У Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях выяўлена па 7 выпадкаў, у Віцебскай і Гомельскай абласцях па 5.

Усе 6 незавершаных працэдур ліквідацыі прыпадаюць на Брэсцкую і Магілёўскую вобласці. У прыватнасці, у працэсе ліквідацыі знаходзяцца прыходы ў вёсцы Цяцерына Круглянскага раёна і вёсцы Несята Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Паводле даных АДР, рашэнні аб іх ліквідацыі Магілёўскі абласны суд прыняў 26 ліпеня і 25 чэрвеня 2026 года адпаведна. Прычыны гэтых рашэнняў у рэестры не ўказаныя.

«Хрысціянская візія» апублікавала сабраныя звесткі ў адкрытай табліцы, якая ўключае рэгістрацыйныя нумары прыходаў, даты і спасылкі на карткі арганізацый.

Аўтары падкрэсліваюць, што гаворка ідзе толькі пра выяўленыя выпадкі. Прадстаўленыя даныя не з’яўляюцца вычарпальнай статыстыкай ліквідацыі прыходаў БПЦ.