У Беларусі ўкараняюць аўтаразнаўчыя і відэатэхнічныя судовыя экспертызы

У Беларусі ўкараняюць два новыя віды судовых экспертыз — аўтаразнаўчую і відэатэхнічную. Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз (ДКСЭ), спецыялісты ўпершыню здалі кваліфікацыйныя экзамены на права іх самастойнага правядзення.

У прыёме экзаменаў узялі ўдзел намесніца начальніка Экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС Расіі Настасся Громава і дацэнт кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандр Пілюшка.

Як адзначылі ў ДКСЭ, здача кваліфікацыйных экзаменаў стала завяршальным этапам укаранення новых відаў экспертыз. Да гэтага былі распрацаваныя экспертныя методыкі, набытае спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, а адабраныя спецыялісты прайшлі навучанне ў дзяржаўных экспертных установах Расіі.

Аўтаразнаўчая экспертыза дазваляе ўстанаўліваць аўтарства тэкстаў на падставе аналізу асаблівасцяў пісьмовага маўлення, а відэатэхнічная прадугледжвае даследаванне відэазапісаў.