У архіве USAID раскрылі бюджэты праграм для Беларусі

Адміністрацыя Дональда Трампа увечары 24 лістапада апублікавала 248 унутраных файлаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Сярод іх — дакументы аб фінансаванні праграм для Беларусі. Найбуйнейшая з чатырох знойдзеных праграм прадугледжвала каля 15 млн долараў на падтрымку незалежных медыя на 7 гадоў.

Сума ў 15 млн долараў пазначаная ў картцы праграмы The Media Activity. Яе выканаўцамі USAID называе Freedom House і Internews. У асобнай даведцы агенцтва за верасень 2023 года прыведзены дакладны разлік — 14 996 730 долараў. Так USAID ацэньвала кошт усёй праграмы з 1 кастрычніка 2019 года па 30 верасня 2026-га. Яна ўключала падтрымку вытворчасці навін, юрыдычную дапамогу журналістам, працу ў сферы лічбавай бяспекі і медыяпісьменнасці.

У тым жа архіве ёсць матэрыялы да сустрэчы USAID з прадстаўнікамі Internews, Press Club Belarus, «Зеркала» і «Нашай Нівы» ў верасні 2023 года. У парадку дня — цяжкасці, з якімі беларускія медыя сутыкаліся на платформах Google і Meta. У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, як абмежаванні для беларускай мовы ўплывалі на пошук публікацый і магчымасць зарабляць на кантэнце. Сумы выплат пералічаным арганізацыям у даведцы не пазначаныя.

Якія яшчэ сумы фігуруюць у дакументах

У зводцы USAID ёсць звесткі яшчэ пра тры праграмы для Беларусі:

  • 5 млн долараў — праграма па пашырэнні ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці Беларусі з красавіка 2019-га па верасень 2024 года. Сярод яе задач — тэхнічная дапамога дэмакратычным сілам і падтрымка грамадзянскай журналістыкі. У картцы пазначаныя кансорцыум CEPPS, Нацыянальны дэмакратычны інстытут (NDI) і Міжнародны рэспубліканскі інстытут (IRI).
  • 2,1 млн долараў — Belarus Regional Initiative, разлічаная на перыяд з красавіка 2021-га па люты 2025 года. Выканаўцам пазначаная Chemonics International. Сярод напрамкаў працы — падтрымка незалежных медыя.
  • Не менш за 1,5 млн долараў прадугледжвалася на працу з медыя і супрацьдзеянне дэзынфармацыі ў рамках праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці Belarus Civil Society Activity. Праграму вяла FHI 360, у картцы пазначаны перыяд з мая 2021-га па май 2024 года. Сума тычыцца толькі гэтай часткі праграмы.

Архіў аб’ёмам 1,1 ГБ уключае электронную перапіску, службовыя запіскі, паведамленні ў чатах, прэзентацыі і відэазапісы. На сайце USAID публікацыю патлумачылі імкненнем да празрыстасці і падсправаздачнасці.

25 лістапада сенатарка Джын Шахін і член Палаты прадстаўнікоў Грэгары Мікс звярнуліся да дзяржсакратара Марка Рубіа і выканаўцы абавязкаў кіраўніка USAID Біла Вулфа. Паводле слоў заканадаўцаў, сярод апублікаваных звестак апынуліся персанальныя даныя. Яны запатрабавалі выдаліць файлы з такімі данымі і патлумачыць, якую праверку дакументы прайшлі перад публікацыяй.

Як USAID працавала ў Беларусі і што змянілася пасля вяртання Трампа

Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) працавала ў Беларусі з 1999 года. Акрамя незалежных медыя і грамадзянскіх арганізацый, яно падтрымлівала прыватны бізнес, дапамагала дзецям-сіротам і фінансавала праекты па барацьбе з туберкулёзам. У кастрычніку 2021 года беларускія ўлады запатрабавалі закрыць прадстаўніцтва агенцтва. 16 снежня таго ж года мінскі офіс спыніў працу. Тагачасная кіраўніца USAID Саманта Паўэр заявіла, што агенцтва працягне падтрымліваць беларусаў.

У студзені 2025 года, неўзабаве пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом, яго адміністрацыя на 90 дзён прыпыніла фінансаванне праграм замежнай дапамогі для іх перагляду. Замарожванне закранула і беларускія незалежныя медыя. 26 студзеня Святлана Ціханоўская паведаміла, што вядзе перамовы з Еўрасаюзам і асобнымі краінамі аб павелічэнні дапамогі рэдакцыям. Праз тры дні Еўрапейская федэрацыя журналістаў папярэдзіла, што пад пагрозай апынулася праца беларускіх журналістаў у выгнанні, і заклікала еўрапейскіх донараў падтрымаць іх.

У сакавіку 2025 года адміністрацыя Трампа скасавала 83% праграм USAID. З 1 ліпеня агенцтва спыніла самастойна аказваць замежную дапамогу. Частка праграм перайшла ў веданне Дзярждэпартамента ЗША. 29 жніўня дзяржсакратар Марка Рубіа абвясціў, што пачаўся працэс закрыцця агенцтва.