Скриншот видео
Тры самалёты з жыхарамі акупаваных Расіяй Алешак Херсонскай вобласці прызямліліся ў аэрапорце Гомеля, паведамляе БелТА.
Жыхары Алешак спачатку дабіраліся аўтобусамі да Анапы, а затым некалькі гадзін ляцелі ў Беларусь. У аэрапорце Гомеля для іх разгарнулі намётавы гарадок. Там эвакуяваныя будуць чакаць адпраўлення ў пункт пропуску «Новая Гута», праз які накіруюцца на тэрыторыю Украіны.
Для аказання дапамогі прыбылым падрыхтавалі медыцынскія брыгады, уключаючы рэанімабіль, а таксама запас лекаў і медыцынскіх вырабаў. У БелТА ўсяляк падкрэсліваюць ролю Беларусі ў місіі, адзначаючы, што прадстаўнікоў Украіны і Расіі ў аэрапорце Гомеля сустрэлі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч і старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.
“Беларускі бок выконвае сваю ролю ў гуманітарнай аперацыі для мірных жыхароў прыфрантавога горада Алешкі Херсонскай вобласці. Мінск застаецца ўдзельнікам міжнароднага працэсу, забяспечваючы выкананне дамоўленасцяў паміж Масквой і Кіевам пры правядзенні гуманітарнай місіі”, – заявілі ў дзяржагенцтве.
“Беларускі бок стварыў усе неабходныя ўмовы для правядзення першых вочных кантактаў прадстаўнікоў Масквы і Кіева, аказаўшы неабходнае ўсебаковае садзейнічанне і выступіўшы гарантам бяспекі. (…) Гуманітарная аперацыя ажыццяўляецца ў тым ліку дзякуючы выбудаваным даверным адносінам паміж Беларуссю і Украінай. У гэтай сувязі ўдалося забяспечыць бяспеку мерапрыемстваў, якія праводзяцца, і ў чарговы раз выратаваць жыцці людзей”, – дадалі ў БелТА.
Упаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец паведаміў, што сярод жыхароў Алешак былі тыя, хто вырашыў застацца ў горадзе, выехаць ва Украіну або адправіцца ў Расію. Паводле яго слоў, дапамогу атрымалі людзі незалежна ад іх выбару.
“Мы некалькі разоў спыняліся, аказвалася медыцынская дапамога, на месцы працавала вельмі шмат супрацоўнікаў хуткай дапамогі, медыкі, якія працавалі. І ў нас асобна была група людзей з інваліднасцю, якіх з самага пачатку везлі на машынах хуткай дапамогі проста з Алешак, пакуль не даехалі да аэрапорта”, – расказаў ён.
“Мы не называем лічбаў, таму што насамрэч іх вельмі складана праверыць, але я скажу так: сёння ў Алешках мы вылучылі сярод людзей тры катэгорыі, скажам так. Першая — гэта тыя, хто захацеў застацца ў Алешках, і менавіта для іх была дастаўлена буйная гуманітарная дапамога, якую яны ўжо атрымалі. Другая катэгорыя — гэта тыя, хто выказаў жаданне выехаць ва Украіну. І трэцяя катэгорыя — гэта тыя, хто пажадаў выехаць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Усе атрымалі дапамогу тэхнічнага характару, незалежна ад іх выбару”, – дадаў Лубінец.
Украінскі амбудсмен таксама заявіў, што было прапанавана выкарыстаць досвед гэтай гуманітарнай аперацыі для дапамогі жыхарам іншых населеных пунктаў. Паводле яго слоў, падчас перамоў з расійскай калегай Янай Лантратавай абмяркоўваліся таксама абмены ваеннапалоннымі, вяртанне грамадзянскіх і ўз’яднанне сем’яў.
“Сёння мы разам з Янай Валер’еўнай Лантратавай, звяртаючыся да Меланіі Трамп, выступілі з ініцыятывай, з прапановай аб тым, што той досвед, які мы напрацавалі падчас падрыхтоўкі гэтай гуманітарнай місіі, на наш погляд, можа быць выкарыстаны і ў дачыненні да іншых населеных пунктаў. Таму цяпер чакаем рэакцыі.
Але калі мы сёння фактычна ўвесь дзень з Янай Валер’еўнай праводзілі свае перамовы, тэхнічныя пытанні, якіх насамрэч вельмі шмат, то бок мы закраналі не толькі правядзенне гэтай гуманітарнай місіі, але і вырашэнне, як заўсёды, пытанняў абмену ваеннапалоннымі, вяртання грамадзянскіх асоб, уз’яднання сем’яў — то бок цэлы велізарны блок розных пытанняў. І мы ўжо напрацавалі нашы новыя ініцыятывы, але, у тым ліку, мы хочам, каб яны былі падтрыманыя з боку Злучаных Штатаў і Меланіі Трамп”, – адзначыў ён.
Карэспандэнт беларускага дзяржТБ таксама пацікавілася, як ён ацэньвае ролю беларускіх журналістаў у асвятленні місіі і ўдзел Беларусі ў цэлым.
“Фактычна наш лагістычны маршрут пралягаў праз Беларусь і заканчваўся праз Беларусь ва Украіне. Сапраўды, мы паказалі, што для нас адкрытасць гэтага працэсу, празрыстасць гэтага працэсу — адна са складовых частак. І сёння разам з намі працавалі журналісты з Украіны, з Расійскай Федэрацыі і са Злучаных Штатаў. Дарэчы, некаторых з іх вы, магчыма, нават убачыце. Яны вяртаюцца разам з намі проста ў Кіеў і будуць здымаць увесь гэты працэс. Таму наша пазіцыя – чым больш журналістаў з большай колькасці краін, тым празрыстей усё гэта праходзіць. І, магчыма, у будучыні гэта аблегчыць напрацоўку досведу. Роля кожнай краіны будзе ацэнена з боку грамадзян Украіны, якіх мы сёння вяртаем”, – адзначыў Лубінец.