Туск: Расія рыхтуецца да эскалацыі ў рэгіёне. Гэтая зіма будзе вырашальнай

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Расія рыхтуецца да эскалацыі ў вайне з Украінай і ў рэгіёне ў цэлым. На яго думку, найбліжэйшая зіма будзе для РФ вырашальнай.

У пятніцу кіраўнік польскага ўрада выступаў на маладзёжным мерапрыемстве Campus Polska Przyszłości ў Ольштыне, дзе яму было зададзена пытанне пра нядаўні візіт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа у Маскву. Паводле адной з версій СМІ, ён прыляцеў, каб перасцерагчы Расію ад агрэсіі ў дачыненні да краіны НАТА.

Туск адказаў, што польскі бок быў апавешчаны пра візіт.

«Я не магу ўдавацца ў падрабязнасці, але мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з кіраўніцтвам ЦРУ, таму нас не здзіўляе ніякая інфармацыя пра дзейнасць і ініцыятывы кіраўніка ЦРУ. Нас таксама папярэдзілі пра неабходнасць тэрміновых перамоў на самым высокім польска-амерыканскім узроўні па гэтым пытанні», – сказаў ён.

Прэм’ер нагадаў, што раней у інтэрв’ю аднаму з заходніх СМІ ён ужо папярэджваў пра рэальную пагрозу правакацыі з боку Расіі або нават абмежаваным нападзе на адну з краін НАТА.

“Я выдатна разумеў, што кажу. Сёння ні ў кога няма сумненняў, таму што гэта звязана не толькі з візітам кіраўніка ЦРУ ў Маскву, але і з тым, што гэтыя сігналы былі вядомыя грамадскасці ўжо шмат тыдняў. Ясна, што Расія ўсур’ёз рыхтуецца да эскалацыі напружанасці як у вайне з Украінай, так і ва ўсім рэгіёне, і што гэтая восень і зіма будуць вырашальнымі для Расіі», – сказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што, паводле ацэнак розных службаў, Расія хоча мабілізаваць 600 тыс. чалавек, і гэтая мабілізацыя будзе праводзіцца не для міратворчых аперацый.

“Таму мы павінны быць гатовыя да розных непрадбачаных абставін, і наступныя сем-восем месяцаў, безумоўна, будуць вырашальнымі”, – сказаў ён.

Туск выказаў меркаванне, што расійска-ўкраінская вайна знаходзіцца на пераломным этапе. Паводле яго слоў, у адзін дзень відаць, што Украіна атрымлівае стратэгічную перавагу, але праз пару дзён аказваецца, што яе паражэнне таксама цалкам рэальнае. Ён падкрэсліў, што цеснае ўзаемадзеянне Еўропы і ЗША мае вялікае значэнне, і ключавую ролю тут можа адыгрываць Польшча, якая мае добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі.

Прэм’ер запэўніў, што зробіць усё, каб НАТА існавала не толькі на паперы.

“Я рашуча падтрымліваю захаванне гэтага прынцыпу як найважнейшага прынцыпу НАТА: адзін за ўсіх, усе за аднаго. Калі Расія вырашыць напасці, не ведаю, на Эстонію, мы, асабліва палякі, былі б зусім недальнабачнымі, калі б сказалі, што на ўсялякі выпадак не будзем рэагаваць. Мы павінны быць на чале тых, хто мабілізуе НАТА для неадкладных і рашучых мер у адказ, інакш мы апынёмся наступнымі ў чарзе», – сказаў ён.

«Расія з’яўляецца патэнцыйным агрэсарам у дачыненні да краін НАТА, і ў гэтым пытанні мы павінны быць абсалютна адзіныя», – падкрэсліў Туск.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!