Туск назваў імёны двух паліцэйскіх, параненых пры страляніне ў Кракаве

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў імёны двух паліцэйскіх, якія атрымалі раненні пры страляніне ў цэнтры Кракава. Гэта Якуб Кулік і Артур Мараньскі. Паводле слоў кіраўніка ўрада, абодва знаходзяцца ў цяжкім стане.

«Яны, верагодна, выратавалі шмат жыццяў, рызыкуючы ўласным», — напісаў Туск у сацсетцы X, назваўшы паліцэйскіх героямі.

Раней прэм’ер паведаміў, што раненні атрымалі трое паліцэйскіх і адзін з іх змагаецца за жыццё. У асобнай публікацыі Туск падзякаваў паліцэйскім, медыкам і відавочцам, якія кінуліся дапамагаць пацярпелым.

Як паведамляў Reform.news, страляніна пачалася 7 лістапада неўзабаве пасля 15:00 у раёне Слаўкоўскай вуліцы каля Галоўнай рынкавай плошчы. Паводле папярэдніх даных, мужчына страляў з аўтамабіля, які рухаўся. Паліцэйскія паранілі і затрымалі яго каля скрыжавання вуліц Дытля і Страдомскай. Затрыманы — грамадзянін Польшчы. Паліцыя абвергла паведамленні пра пошукі другога нападніка.

Паводле даных Малапольскага ваяводскага ўпраўлення, загінулі шэсць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. Сярод загінулых — чатыры жанчыны і двое мужчын. Мэр Кракава Лукаш Гібала абвясціў у горадзе жалобу да 11 лістапада.