Турчын заявіў пра праблемы з беларускім экспартам

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын заявіў пра праблемы з экспартнымі пастаўкамі пасля даклада Аляксандру Лукашэнку 2 верасня. Па выніках даклада Лукашэнка даў ураду даручэнні з улікам нядаўніх дамоўленасцей з Расіяй.

Турчын назваў сітуацыю ў эканоміцы станоўчай, але заявіў пра праблемы, якія пастаянна ўзнікаюць. Адна са складанасцей — лагістыка экспартных паставак.

«Пэўны аптымізм у эканоміцы ёсць. І рост ВУП за 7 месяцаў, і мы бачым тэндэнцыі да канца бягучага года. Фактычна ўсе галіны эканомікі выйшлі ў пазітыўную і станоўчую дынаміку.

Але сітуацыя абсалютна неадназначная і ў разрэзе галін, і ў разрэзе асобных суб’ектаў гаспадарання. Ды і складанасці, якія пастаянна ўзнікаюць, скажам, трымаюць нас у тонусе пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў. Здавалася б, нават такое пытанне, як лагістыка. Сёння падзеі ў свеце, безумоўна, адбіваюцца і на нашых суб’ектах гаспадарання, перш за ўсё на экспартных пастаўках. Таму даводзіцца дзесьці шукаць альтэрнатыўныя маршруты. Узнікаюць складанасці», — адзначыў Турчын.

У цэлым прэм’ер глядзіць на эканамічную сітуацыю ў Беларусі з аптымізмам.

«Тыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія ў эканоміцы ёсць, яны будуць працягвацца. Мы з асцярожным аптымізмам глядзім на заканчэнне бягучага года і пачатак наступнага», — заявіў Турчын.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!