Тры вышкі сотавай сувязі выведзены са строю каля мяжы з Украінай – “Флагшток”

У Брэсцкай і Гомельскай абласцях выведзены са строю тры вышкі сотавай сувязі. Пра гэта піша “Флагшток”. Выданне спасылаецца на службовы ТГ-канал BeCloud.

Паводле яго інфармацыі, адна вышка аператара А1 знаходзіцца ў раёне кантрольна-прапускнога пункта Майдан Хойніцкага раёна. Ад мяжы да яе каля 26 км. Вышка размешчана ў зоне адчужэння ЧАЭС. Другая вышка належыць МТС. Яна знаходзіцца ў пасёлку Слабада Лельчыцкага раёна за 27 км ад мяжы. Трэцяя вышка – таксама МТС. Яна размешчана ў вёсцы Грушка Маларыцкага раёна за 12 км ад мяжы.

Вышкі перасталі функцыянаваць паміж 21 кастрычніка і 3 лістапада. На гэты момант пра аднаўленне іх працы не паведамлялася.

З чым менавіта звязана спыненне працы базавых станцый, дакладна невядома. Аднак, паводле заяў украінскага боку, размешчаныя каля мяжы вышкі могуць выкарыстоўвацца для рэтрансляцыі сігналу для кіравання расійскімі беспілотнікамі.