Тры спробы ўвозу беспілотнікаў і авіямадэляў выявілі гродзенскія памежнікі за некалькі дзён

За некалькі дзён вайскоўцы Гродзенскай пагранічнай групы выявілі ў пунктах пропуску тры спробы незаконнага ўвозу з-за мяжы беспілотніка і радыёкіраваных авіямадэляў.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, 29 жніўня ў пункце пропуску Бераставіца быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які спрабаваў увезці з Польшчы набытую за мяжой авіямадэль.

На наступны дзень у пункце пропуску Брузгі ў грамадзяніна Германіі, які ўязджаў на аўтамабілі, выявілі беспілотнік, пульт кіравання і элементы сілкавання.

1 верасня ў Брузгах памежнікі прадухілілі яшчэ адну спробу ўвозу авіямадэлі грамадзянінам Беларусі.

Ва ўсіх трох выпадках выяўленыя прадметы канфіскавалі. У дачыненні да мужчын распачатыя адміністрацыйныя працэсы па ч. 1 арт. 18.38 КаАП. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30 базавых (1350 рублёў).

Усяго з пачатку 2026 года гродзенскія памежнікі заявілі аб спыненні 11 спроб увозу ў Беларусь беспілотных лятальных апаратаў.

У ведамстве нагадалі, што ўказам ад 25 верасня 2023 года фізічным асобам забароненыя ўвоз у Беларусь, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў і авіямадэляў, а таксама выкарыстанне паветранай прасторы грамадзянскімі БПЛА.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!