Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала трох непаўналетніх па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракта. Пра гэта паведаміў міністр-каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк.
Двум затрыманым па 17 гадоў, аднаму – 16 гадоў. Паводле слоў міністра, яны былі звязаныя з “міжнароднай неанацысцкай супольнасцю”.
“Падлеткі не толькі прапагандавалі нацысцкую і фашысцкую ідэалогіі, але і ўжо рабілі дзеянні, накіраваныя на здзяйсненне злачынстваў тэрарыстычнага характару”, – заявіў міністр.
Падлеткі абменьваліся ў месенджарах інфармацыяй, якая тычылася вырабу выбуховых рэчываў у хатніх умовах, канструявання агнястрэльнай зброі. Падчас ператрусу ў памяшканні аднаго з затрыманых былі выяўленыя хімічныя рэчывы, якія маглі быць выкарыстаныя для вытворчасці выбухоўкі.
Двое 17-гадовых затрыманых па рашэнні суда арыштаваныя на тры месяцы. 16-гадовы падлетак змешчаны ва ўстанову для непаўналетніх.