Трох грамадзян Беларусі абвінавачваюць у Польшчы ў незаконным абароце беспілотнікаў

Пракуратура ў Лодзі накіравала ў суд абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да трох грамадзян Беларусі, грамадзянкі Польшчы і Украіны і грамадзяніна Польшчы.

Паводле версіі абвінавачання, названыя асобы стварылі арганізаваную злачынную групу, якая атрымлівала матэрыяльную выгаду ад арганізацыі вытворчасці і продажу за межы Польшчы прадукцыі ваеннага прызначэння без адпаведных дазволаў і канцэсіі. Таксама група займалася адмываннем грошай. Непасрэдна ў стварэнні і кіраўніцтве злачыннай групай абвінавачваюцца два чалавекі.

Расследаваннем справы займалася Агенцтва ўнутранай бяспекі пры ўдзеле службы Ваеннай контрразведкі.

Група дзейнічала з лістапада 2022 года па люты 2025 года. Яе ўдзельнікі займаліся “вытворчасцю і гандлем беспілотнымі лятальнымі апаратамі ваеннага прызначэння без неабходных дазволаў і ліцэнзій”. Падчас ператрусу ў цэху, які выкарыстоўваўся фігурантамі справы, была выяўлена прасунутая вытворчая лінія, якая магла выпусціць не менш за 176 беспілотнікаў. Дзе і каму прадаваліся дроны, не паведамляецца.

“Згодна з вынікамі расследавання, дроны былі выраблены пад выглядам ажыццяўлення законнай камерцыйнай дзейнасці, а затым незаконна прапаноўваліся да продажу за межамі Польшчы”, – гаворыцца ў паведамленні польскай пракуратуры.

Падчас следства была арыштавана маёмасць фігурантаў на суму больш за 3 млн злотых.

Двое абвінавачаных утрымліваюцца пад вартай, да астатніх прыменены меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.