Алексей Гавриленок
Паводле даных Tribuna.com, у забойстве 43-гадовай цяжарнай жанчыны ў Мінску падазраецца 38-гадовы хакейны суддзя Аляксей Гаўрылёнак. Раней МУС паведамляла пра затрыманне 38-гадовага мінчаніна, аднак яго імя не называла.
Паводле інфармацыі ведамства, мужчына меў з загінулай блізкія адносіны і ведаў пра яе цяжарнасць.
«Пры гэтым мужчына афіцыйна меў іншыя адносіны, з-за чаго паміж ім і ахвярай рэгулярна ўзнікалі канфлікты», — гаварылася ў паведамленні МУС.
Паводле версіі следства, падчас чарговай сваркі ён некалькі разоў ударыў жанчыну нажом, пасля чаго паклаў цела ў спартыўную сумку, вывез за горад і закапаў у лесе Мінскага раёна, пазбавіўшыся ад адзення загінулай і яе тэлефона.
Tribuna адзначае, што профіль Гаўрылёнка неўзабаве знік з сайта Федэрацыі хакея Беларусі, дзе раней ён значыўся сярод галоўных суддзяў пад нумарам 9.
У мінулым ён быў прафесійным хакеістам, выступаў за мінскія «Дынама» і «Керамін», а таксама «Брэст», правёў 302 матчы ў чэмпіянаце Беларусі і набраў 46 ачкоў. У сезоне-2006/07 разам з «Дынама» выйграў Кубак Беларусі, хоць у тым турніры згуляў толькі адзін матч. Акрамя таго, Гаўрылёнак выступаў за моладзевыя зборныя Беларусі. У складзе каманды U-20 ён удзельнічаў у чэмпіянаце свету 2007 года. Пасля завяршэння гульнявой кар’еры ў 2015 годзе ён стаў хакейным арбітрам, у асноўным абслугоўваў матчы чэмпіянату Беларусі.
У сезоне-2026/27 абслужыць матчы Экстралігі Гаўрылёнак не паспеў. Чэмпіянат стартаваў 9 верасня, на наступны дзень пасля забойства. Апошняй вядомай дарослай гульнёй з яго ўдзелам стаў матч Кубка Беларусі паміж «Авіятарам» і «Шахцёрам» 10 жніўня.
У 2020-м Гаўрылёнак выходзіў як гулец за зборную Мінскай вобласці ў матчы супраць каманды Аляксандра Лукашэнкі. Для апошняга тая сустрэча стала чакана пераможнай – 8:4.
Гаўрылёнак таксама судзіў хакейныя матчы з удзелам каманды Лукашэнкі. Апошні раз ён працаваў на такой гульні 14 лютага 2026 года, калі зборная Мінскай вобласці згуляла з камандай Лукашэнкі ўнічыю 5:5.
Яго бацька Аляксандр Гаўрылёнак у мінулым вядомы брамнік. Абараняў вароты мінскага «Дынама» і «Цівалі», 4 разы браў золата чэмпіянату Беларусі. Мае 17 матчаў за зборную Беларусі, правёў дзве гульні на чэмпіянаце свету-1998. Завяршыўшы гуляць пасля сезона-2002/03, Гаўрылёнак-старэйшы стаў трэнерам. Працаваў у сістэме мінскага «Дынама», моладзевых зборных Беларусі і зборнай Эстоніі. З 2009-га па 2015-ты ўзначальваў «Брэст», дзе ў абароне выступалі яго сыны Аляксей і Мікалай. Першы завяршыў кар’еру якраз у гэтай камандзе, калі бацька пакінуў пасаду.
У мінулым сезоне Аляксандр Гаўрылёнак трэніраваў моладзевыя каманды «Пінскіх ястрабаў». Яго старэйшы сын Мікалай да «Брэста» гуляў у абароне мінскага «Дынама» (у 2006-м узяў срэбра Экстралігі) і «Нёмана». Завяршыў кар’еру ў Жлобіне, а ўсяго ў Экстралізе набралася 410 матчаў і 56 (13+43) ачкоў.
Нагадаем, пра знікненне 43-гадовай Таццяны Марцішчанкі стала вядома 8 верасня. Сваякі звярнуліся ў міліцыю пасля таго, як жанчына, якая знаходзілася на пятым-шостым месяцы цяжарнасці, перастала выходзіць на сувязь. Мужчыну затрымалі на працягу сутак. Паведамлялася, што ён прызнаў віну.
Паводле інфармацыі Onliner, па спецыяльнасці Таццяна скончыла БДМУ ў 2006 годзе, была акушэрам-гінеколагам, некаторы час працавала ў адным з мінскіх радзільных дамоў. Затым стала развіваць сваю справу, звязаную з медыцынскай сферай (паводле слоў суседзяў). У яе засталася дарослая дачка.
Развітанне з Таццянай Марцішчанкай адбудзецца 14 верасня з 9:00 да 12:00 у храме для развітання Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску.