Фото: Lutz Wernitz, unsplash.com
У верасні рэзка вырас транзіт праз Латвію збожжа з Беларусі і Расіі. Пра гэта паведамляе LSM са спасылкай на Службу дзяржаўных даходаў.
Паводле яе даных, з 1 па 24 верасня праз Латвію прайшло 253,6 тыс. т збожжавых з Расіі. Гэта ў два разы больш, чым за ўвесь верасень 2025 года. Транзіт з Беларусі склаў 40,1 тыс. т. Летась збожжавыя з нашай краіны ў верасні не правозіліся.
З пачатку года з Расіі праз Латвію правезлі 593,66 тыс. т збожжавых, а з Беларусі — 116,85 тыс. т.
У Службе дзяржаўных даходаў адзначылі, што правяраюць паходжанне збожжавых. Мытнае ўпраўленне не атрымала доказаў, якія пацвердзілі б падазрэнні ў тым, што пшаніца можа паходзіць з акупаваных тэрыторый Украіны. Транзіт такога збожжа забаронены санкцыямі ЕС.
Паток збожжа з Расіі ў балтыйскія парты павялічыўся на фоне ваеннай эскалацыі ў Чорным моры, у тым ліку ўкраінскіх атак на судны і партовую інфраструктуру.
У пачатку месяца ў Латвіі прынялі рашэнне ўзмацніць кантроль за транзітам збожжавых. Урад краіны таксама збіраецца ўстанавіць 300-працэнтны тарыф на партыі збожжа з Расіі і Беларусі і іх апрацоўку.